Куцаеў Сямён Ільіч нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Бароўка Касцюковіцкага раёна.
У кастрычніку 1937-га года быў прызваны на службу ў рады Чырвонай Арміі, дзе спачатку вучыўся ў школе малодшых авіяспецыялістаў па спецыяльнасці стралок-радыст, а потым працаваў сакратаром рэдакцыі шматтыражнай газеты вайсковай часці.
На пачатку вайны па прызыву ваенкамата трапляе ў сваю вайсковую часць. Некалькі дзясяткаў баявых вылетаў здзейсніў разам з баявым экіпажам радыст-стралок Куцаеў.
Пасля ранення працаваў ваенным журналістам у армейскай газеце “За Савецкую Радзіму”. Газетнымі матэрыяламі з перадавой ён паведамляў чытачам аб гераічных подзвігах нашых байцоў і камандзіраў. Друкаванае слова байца-журналіста клікала да помсты чужынцам за парушанае мірнае жыццё.
Вайну Сямён Ільіч скончыў на Далёкім Усходзе, дзе прымаў удзел у разгроме японскіх самураяў.
Баявыя заслугі Куцаева С. І. адзначаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі “За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй, “За перамогу над Японіяй”.