Установа культуры «Касцюковіцкі краязнаўчы музей»

Створаны 18 чэрвеня 1973 г. на базе фондаў музея баявой славы. На сённяшні час дзейнічаюць 2 экспазіцыі. Зала «Прырода» прадстаўлена раздзеламі: узнікненне Зямлі, развіццё жыцця на Зямлі, геалогія, флора і фауна раёна, ахова прыроды, гэамарфалогія. Другая экспазіцыйная зала «Гісторыя краю» складаецца з раздзелаў: археалогія і старажытная гісторыя, гісторыя сярэдніх вякоў, край у складзе Магілёўскай губерні, этнаграфія і побыт, адукацыя, рэвалюцыйны рух і ўстанаўленне савецкай улады, Вялікая Айчынная вайна, сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, Чарнобыльская трагедыя, знакамітыя землякі, духоўная спадчына. Асноўны фонд музея налічвае больш 16 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — больш 7000. Фонды музея прадстаўлены калекцыямі археалагічных знаходак, старадрукаў і друкаваных выданняў, дакументаў, фотаздымкаў, прадметаў побыту, жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нумізматыкі, баністыкі і інш. Сярод музейных прадметаў найбольш каштоўнымі з'яўляюцца народныя касцюмы, ручнікі, посцілкі, касцюмы настаўнікаў гімназіі пачатку XX ст., дакументы і асабістыя рэчы А. Куляшова, І. Чыгрынава, А. Пісьмянкова, жывапіс А. С. Бархаткова, кнігі з аўтографамі аўтараў і інш. На базе музея працуе грамадска-палітычны цэнтр, дзе рэгулярна праводзяцца круглыя сталы, семінары, сустрэчы з ветэранамі, знакамітымі землякамі, творчыя вечарыны. У структуру установы уваходзіць філіял Літаратурны музей Народнага паэта Беларусі А. А. Куляшова (аграгарадок Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна).