Сідарэнка Сцяпан Акімавіч

Сідарэнка Сцяпан Акімавіч нарадзіўся ў 1910-ым годзе.

Да вайны працаваў сакратаром у Смолькаўскім сельсавеце. Калі пачалася вайна, ён таксама працаваў тут па распараджэнні райвыканкама. І толькі тады, калі дайшла чутка, што немцы ў Бялынкавічах, закапаў сельсавецкія дакументы, некаторыя спаліў і 16 жніўня 1941 года выехаў на конях у напрамку Клінцоў. У Рыльску коней перадаў партызанам, а сам на цягніку паехаў у Курск, дзе знаходзіўся ў той час райваенкамат. Адтуль быў накіраваны за Волгу. У верасні 1941 года трапіў у часць, дзе на працягу паўтара месяца праходзіў навучанне, а 6 снежня ўжо ўдзельнічаў у першым баі пад Масквой.

Пехацінец Сцяпан Сідарэнка прайшоў баявымі дарогамі праз некалькі франтоў. Ваяваў пад Калінінам. У горадзе Веліж Віцебскай вобласці яго параніла ў руку. Пасля чатырохмесячнага лячэння ў шпіталі і перасыльнага пункта трапіў у цяжкую артылерыю. Ваяваў пад Нарвай і Кёнігсбергам.

За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне ўзнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, ордэнам Айчыннай вайны І ступені.