Праект "Героі Перамогі", да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Вялікая Айчынная вайна – самая разбуральная і самая страшная вайна не толькі ў гісторыі нашай краіны, але і ў гісторыі ўсяго чалавецтва. За  Перамогу ў гэтай вайне нашы продкі заплацілі вялікую цану, праявіўшы пры гэтым неймаверную мужнасць і масавы гераізм.

Вызваленне Беларусі – гэта знакавая старонка ў гісторыі нашай краіны, апафеоз трохгадовай барацьбы беларускага народа разам з іншымі братнімі народамі супраць гітлераўскіх акупантаў.

Напярэдадні 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва УК “Касцюковіцкі краязнаўчы музей” стартаваў новы праект “Героі Перамогі”, які расказвае пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, нашых землякоў.

 Асноўная ідэя праекта – захаванне гістарычай памяці і выхаванне патрыятызму цераз вывучэнне і папулярызацыю гісторыі жыцця тых, хто цаною ўласнага жыцця вызваляў нашу краіну і здабываў Вялікую Перамогу.   

Гэты праект з’яўляецца данінай памяці ўсяму ваеннаму пакаленню і адначасова зваротам да моладзі, да нашчадкаў пераможцаў.

Праект заснаваны на матэрыялах, якія захоўваюцца ў фондах УК “Касцюковіцкі краязнаўчы музей” і якія правераны ў адкрытых базах дадзеных, крыніцах інтэрнэта, перыядычным друку.

У папаўненні праекта новымі дадзенымі могуць прыняць удзел усе, хто мае інфармацыю аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, нашых земляках.

Праект ствараецца навуковымі супрацоўнікамі музея Барысенка Наталляй Рыгораўнай і Вараб’ёвай Ірынай Міхайлаўнай.