Бяляеў Іван Іванавіч нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Антонаўка на Касцюкоўшчыне. Тут ён рос і вучыўся ў школе. Затым была тэрміновая служба ў радах рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі.
Вялікую Айчынную вайну 22-гадовы юнак сустрэў у званні афіцэра 24-й кавалерыйскай дывізіі. Праз некаторы час Бяляеў І. І. стаў капітанам гвардыі. Яму даверылі камандаваць стралковым батальёнам. Гэта падраздзяленне заўсёды знаходзілася на пярэднім краі франтавой паласы ў наступленні і абароне, у час разведкі боем і пры прарыве варожага ўмацавання.
Байцы батальёна на чале з камандзірам першымі падымаліся ў атаку, штурмавалі варожыя дзоты, прарывалі абарону праціўніка, фарсіравалі водныя перашкоды.
Іван Іванавіч удзельнічаў у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, прымаў актыўны ўдзел у разгроме групоўкі праціўніка, што знаходзілася ў Берліне. Яму пашчасціла дажыць жа канца вайны і сустрэць Дзень Вялікай Перамогі.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя з нямецкімі захопнікамі, наш зямляк гвардыі капітан І. І. Бяляеў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”.
Пасля дэмабілізацыі працаваў інструктарам Магілёўскага абласнога савета таварыства аховы прыроды.