Дудараў Цімафей Якаўлевіч

Дудараў Цімафей Якаўлевіч нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Відуйцы Касцюковіцкага раёна.

Баявы шлях пачаў у маі 1943 года партызанам партызанскай брыгады “Уперад”. Калі быў вызвалены Касцюковіцкі раён, брыгада злілася з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі, разам з якой Цімафей Якаўлевіч дайшоў да Польшчы, дзе і сустрэў Дзень Перамогі.

У многіх баявых аперацыях удзельнічаў Дудараў Ц. Я. Але асабліва яму запомнілася адна. Нашы войскі фарсіравалі раку Друць. Супраць ворага пусцілі танкавыя кулямёты. Цімафей Якаўлевіч быў у той час ужо камандзірам аднаго з разлікаў. Ён быў выдатным стралком, не шкадаваў патронаў, біў прыцэльна. Дзясяткі немцаў знайшлі сабе смерць каля ракі.

Аперацыя прайшла ўдала. За гэты бой Дудараў Ц. Я. быў прадстаўлены  да ўрадавай узнагароды – ордэна Славы ІІІ ступені. Але атрымаць узнагароду салдату на фронце не ўдалося. У тым жа баі сам кулямётчык быў цяжка паранены і некалькі месяцаў правёў у шпіталі.

І ўсё ж узнагарода знайшла воіна. У 1954 годзе выклікалі Дударава Ц. Я. у райваенкамат, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы Цімафею Якаўлевічу і быў уручаны заслужаны баявы ордэн.