Зіньковіч Ганна Міронаўна нарадзілася 5 лютага 1921 года ў вёсцы Вішанькі Старыцкага раёна Калінінскай вобласці. У 1939 годзе закончыла фельдшарска-акушэрскую школу ў горадзе Ржэве. Уладкавалася працаваць старшай медыцынскай сястрой у раённай бальніцы ў горадзе Старыца.
Неўзабаве пачалася вайна, і Ганна Міронаўна сама пайшла ў ваенкамат з просьбай адправіць яе на фронт. Ганну Міронаўну накіравалі ў медсанроту 49-й асобнай лыжнай брыгады пад Ржэў.
З 1941 па 1945 гады служыла ў Савецкай Арміі ваенным фельдшарам у саставе 49-й асобнай медыка-санітарнай роты 63-га гвардзейскага артылерыйскага палка 30-й гвардзейскай дывізіі. Закончыла вайну ў асобным батальёне сувязі 81-га стралковага корпуса. Была паранена.
Зіньковіч Г. М. прайшла доўгімі дарогамі вайны ад Ржэва да Берліна. Яна ратавала салдат пры вызваленні гарадоў Калінін, Старыца, Смаленск, Орша, Гродна, Мінск, Варшава, Дрэздэн. Перамогу сустрэла ў Германіі.
Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”, медалём “Георгій Жукаў”, а таксама юбілейнымі медалямі.