Ісачанка Ілля Сямёнавіч

Ісачанка Ілля Сямёнавіч прайшоў усю вайну. У першыя дні яго і яшчэ восем хлопцаў з Журбіна выклікалі на прызыўны пункт. Фарміраванне супрацоўнікі ваенкамата правялі ў Фёдараўскім гаі. Адсюль пешшу 10 рот былі накіраваны ў бок Яльца.

Ілля Сямёнавіч скончыў сямігадовую школу і яго залічылі на курсы радыётэлеграфістаў. Так гвардыі сяржант і прайшоў вайну на пасадзе камандзіра аддзялення сувязі.

За вызваленне горада Шаўляй Ісачанка І. С. быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Удзельнічаў Ілля Сямёнавіч у вызваленні Варонежа, Полацка, Гарадка, населеных пунктаў Прыбалтыйскіх рэспублік. Дзень Перамогі сустрэў у Кёнігсбергу.

Пасля вайны працаваў сакратаром Сялецкаўскага сельскага Савета. Быў грамадскім актывістам. Выбіраўся старшынёй групы народнага кантролю, старшынёй прафкама. Узнагароджаны Ганаровай граматай  міністра ўнутраных спраў. Але самыя дарагія ўзнагароды для ветэрана – падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага 1-ым Прыбалтыйскім фронтам маршала Багорамяна. Узнагароджаны Ісачанка І. С. таксама ордэнам Айчыннай вайны  ІІ ступені і медалём Жукава.