Хлестакоў Васілій Паўлавіч

Васілій Паўлавіч Хлестакоў нарадзіўся ў вёсцы Белая Дуброва ў 1924 годзе. Яму было 17 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вясной 1943 года Васіль стаў партызанам 5-й Клятнянскай брыгады. Давялося змагацца на тэрыторыі Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў. У гэты час партызаны вялі вялікую “рэйкавую” вайну, пускалі пад адхон варожыя цягнікі.

Калі каля Краснаполля партызанская брыгада злучылася з часткамі Чырвонай Арміі, Васілій Паўлавіч удзельнічаў у баях пад Оршай, Віцебскам. Тут быў паранены ў нагу, лячыўся ў шпіталі. Праз два месяцы ён зноў быў на фронце. Трапіў у сапёрную часць. Вызваляў Смаленск, Віцебск.

Аднойчы камандаванне накіравала Васіля з сябрам у Віцебск на разведку. Натрапілі на засаду немцаў, але не разгубіліся, уступілі ў бой і выканалі заданне. За гэта В. П. Хлестакоў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.

У 1944 годзе Васілій Паўлавіч удзельнічаў у вызваленні Літвы. Потым быў накіраваны ва Усходнюю Прусію, дзе ішлі ўпартыя баі.

17 студзеня 1945 года ў баі пад Кёнігсбергам быў цяжка паранены. Паўгода лячыўся ў шпіталі ў Туле. За стойкасць, мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені.

Пасля вайны вярнуўся ў сваю вёску, працаваў у жывёлаводстве, паляводстве.