Рацэеў Іван Іванавіч

Іван Рацэеў нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Клеявічы Беладубраўскага сельсавета Касцюковіцкага раёна. 12 ліпеня 1941 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Служыў у 23-ім запасным палку сувязі курсантам па 15 лютага 1942 года. Потым трапіў на фронт у 115-ую стралковую брыгаду, дзе праслужыў да 3 сакавіка 1943 года старшым радыстам. Старшына І. І. Рацэеў у пачатку сакавіка таго ж года быў прызначаны камандзірам узвода сувязі стралковай дывізіі, якой камандаваў палкоўнік А. Ф. Кубасаў. Вайсковыя часці гэтага баявога злучэння ў верасні 1943 года ўдзельнічалі ў вызваленні ад нямецка-фашысцкіх акупантаў нашага раёна. Быў тройчы паранены. За мужнасць і самаахвярнасць быў узнагароджаны ордэнамі «Красной Звезды», Айчыннай вайны 2 ступені і медалямі «За боевые заслуги», «За победу над Германией». Дэмабілізаваўся з Савецкай Арміі 15 лістапада 1945 года. Пасля звальнення былы франтавік прыехаў у Маскву і застаўся там жыць. Працаваў у міліцыі. За сумленную і бездакорную службу быў адзначаны шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.